21 августа 2008

Былы палітвязень Аляксандр Васільеў спрабуе ў другі раз балатавацца ў дэпутаты


18 жніўня ў выбарчую камісію Гродзенскай-Занёманскай акругі № 49 здаў 1.081 подпіс выбаршчыкаў былы палітвязень Аляксандр Васільеў, які збіраецца балатавацца ў Палату прадстаўнікоў.

Чатыры гады таму ён меў намер вылучацца ў гэтай жа акрузе — па месцы жыхарства. Подпісы збіраліся падчас судовага працэсу над Васільевым і яго паплечнікам Валерыем Леванеўскім. 5 верасня 2004 года Васільеў здаў подпісы ў акруговую камісію, а праз два дні яго пасадзілі за краты на два гады паводле абвінавачання ў публічнай абразе прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Ці спадзяецца былы палітвязень сёння на поспех?

На думку А.Васільева, у сувязі з тым, што камісіі — і ўчастковыя, і акруговыя — засталіся тыя ж самыя, метады іх працы — тыя ж самыя, яго, як нязручнага кандыдата, наўрад ці зарэгіструюць.

"А калі нават зарэгіструюць, — кажа Васільеў, — то далей працэс падліку галасоў будзе такі, як ім укажуць зверху".

І сёлета, і мінулым разам акруговую камісію ўзначальвае адзін і той жа чалавек — Уладзімір Хлябіч. Чым закончылася для Васільева мінулая спроба зарэгістравацца для ўдзелу ў выбарах?

Паводле слоў былога палітвязня, яму адмовілі у рэгістрацыі, матывуючы тым, што 63 подпісы былі несапраўдныя.

"Мая давераная асоба прыбыла ў акруговую выбарчую камісію і папрасіла паказаць: дзе гэтыя подпісы? Паказалі толькі 15, — зазначыў А.Васільеў. — Была складзена скарга, і Лідзія Ярмошына прыслала мне ў 108-ю камеру гродзенскай турмы адказ: вы спазніліся са скаргай..."

БелаПАН



« Главная страница