12 марта 2007

Міліцыя адпусьціла В. Леванеўскага, канфіскавала рэчы


Міліцыя адпусьціла гарадзенскага прадпрымальніцкага актывіста Валерыя Леванеўскага з аддзелу міліцыі Гарадзенскага раёну, канфіскаваўшы ў яго асабістыя рэчы.

Леванеўскага міліцыя затрымала 12 сакавіка раніцай на выезьдзе з Гродна, сьцьвярджаючы, што мікрааўтобус прадпрымальніка падобны на машыну, з дапамогай якой у Баранавічах выкралі будаўнічыя матэрыялы. Пасажыраў і аўто даставілі ў аддзел міліцыі для разбору.

Паводле Леванеўскага, міліцыя высьветліла, што ягоная машына ня мае дачыненьня да крадзяжу будматэрыялаў:

— Сюрпрызы на гэтым ня скончыліся, — сказаў Леванеўскі. — Нас адпусьцілі раней, чым мікрааўтобус, пры гэтым у ім заставаліся мае асабістыя рэчы. Нам паабяцалі, што машына будзе хутка вызваленая, аднак пасьля мне пазванілі і заявілі, што мае асабістыя рэчы: фотаапарат, дыктафон, друкаваная прадукцыя — канфіскаваныя з машыны як безгаспадарныя. І гэта нягледзячы на тое, што я сам прапаноўваў міліцыі правесьці дагляд маіх рэчаў. Яны адмовіліся, а цяпер рэчы канфіскавалі.

Праваахоўнікі запатрабавалі ад Леванеўскага прадаставіць дакумэнты аб тым, што рэчы належаць яму. Друкаваная прадукцыя — зварот Леванеўскага да ўраду і прэзыдэнта — канфіскаваная як незарэгістраваная.

— Наўрад ці міліцыя дзейнічала па сваёй ініцыятыве, — дадаў Леванеўскі. — Хутчэй за ўсё, мае рэчы для праверкі патрэбны Камітэту дзяржбясьпекі.


Радыё Рацыя



« Главная страница