2 октября 2007

У Беларусі бастуюць 30 тысяч прадпрымальнікаў


2 кастрычніка у Беларусі адбываецца аднадзённая забастоўка прадпрымальнікаў. Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 старшыня аргкамітэту па стварэнні рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва" Віктар Гарбачоў па ўсёй Беларусі ў акцыі узялі ўдзел да 30 тысячаў прадпрымальнікаў. Найбольш вылучыліся такія гарады як Слуцк, Пінск, Баранавічы, Слонім, Светлагорск, Барысаў, дзе спынілі працу да 90% прадпрымальнікаў.

У сталіцы цалкам адмовіліся працаваць прадпрымальнікі гандлёвых цэнтраў “Эўропа”, “Зеркало”, “Мір моды” (Ждановічы), часткова не працуе Камароўка, “Імпульс” ды шэраг іншых гандлёвых цэнтраў. Раніцай на тэрыторыі гандлёвага цэнтру “Паркінг” адбыўся мітынг. Са словаў каардынатара аргкамітэту па стварэнні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва" па г. Менску Аляксандра Таўстыка, прадпрымальнікі называюць гэтую акцыю не забастоўкай, а святам свабоднага прадпрымальніцтва.

У інтэрвію Хартыі’97 Віктар Гарбачоў таксама паведаміў, што а 10 раніцы дэлегацыя аргкамітэту перадала ў “палату прадстаўнікоў” 1 тысячу подпісаў, сабраных супраць дзеяння указаў 760 і 302, яшчэ блізу 25 тысячаў подпісаў, ужо сабраных у рэгіёнах, будуць пададзеныя ў бліжэйшы час.

Віктар Гарбачоў лічыць, што сённяшняя акцыя прадэманстравала ўладам, што прадпрымальнікі умеюць аб’ядноўвацца, каб дамагацца сваіх мэтаў.

Нагадаем, штуршком да правядзення забастоўкі паслужыла прыняцце ўказа № 760, згодна з якім, пачынаючы з 1 студзеня 2008 года індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) не могуць прыцягваць наёмных работнікаў за выняткам членаў сям'і і блізкіх сваякоў. Пры гэтым застаецца ў сіле абмежаванне колькасці работнікаў у ІП да трох чалавек, апошняй кропляй сталі летнія масавыя праверкі на рынках, неабгрунтаваныя штрафныя санкцыі ды арышты тавараў. Калі ўказы 760 і 302 не будуць перагледжаны або адменены, дык надалей, акрамя аднадзённай забастоўкі, будзе разгледжана пытанне аб правядзенні рэспубліканскай шматдзённай забастоўкі з нявыплатай падаткаў.



« Главная страница