13 октября 2007

Другую справу супраць Зьмітра Дашкевіча днямі перададуць у суд


Алег Грузьдзіловіч, Менск Пра што даведаўся адвакат Аляксандр Галіеў падчас сустрэчы зь лідэрам “Маладога фронту” Зьмітром Дашкевічам? Чаму сваякі Аляксандра Казуліна ацанілі маральныя страты ў 2 мільёны эўра? Ці ўжо прывезьлі Андрэя Клімава ў Мазырскую калёнію строгага рэжыму?

Сьледчы Шклоўскай ўправы міліцыі Сяргей Лох закончыў расьсьледаваць крымінальную справу супраць Зьмітра Дашкевіча паводле абвінавачаньня ў адмове ад дачы паказаньняў як сьведкі. Справа неўзабаве будзе перададзеная ў суд. Чаму Зьміцер Дашкевіч адмовіўся быць сьведкам? Пазыцыю актывіста патлумачыў адвакат Аляксандар Галіеў, які прысутнічаў на допыце Зьмітра Дашкевіча ў Шклоўскай калёніі.

“Ён заявіў, што гэта можа пашкодзіць яму, бо яго зьбіраліся дапытаць паводле таго ж артыкулу, па якім асудзілі, і адносна той самай арганізацыі – “Маладога фронту” – якая фігуруе ў ягонай справе. А ён адбывае ўжо пакараньне па гэтай справе. Але сьледзтва лічыць, што гэта ня ёсьць законная прычына і што ён вінаваты”.

Справу спачатку мусяць праверыць ў пракуратуры, але сьледчы Сяргей Лох перакананы, што пракуратура зь ім пагодзіцца, і справу перададуць ў суд ужо на наступным тыдні.

“Мяркую, так. Хаця... яшчэ невядома, які настрой будзе ў пракурора... Але ўсё роўна. Куды ж яна падзенецца”.

Зьмітру Дашкевічу, які ўжо асуджаны на паўтара года, пагражае яшчэ паўгода зьняволеньня.

Абед палітвязьня: батон і кефір

Маладзёвы актывіст Артур Фінькевіч пасьля хваробы выйшаў на працу. Нагадаем, Артур адбывае два гады “хіміі” за палітычнае графіці ў Магілёве, працуе на будоўлі. Штомесяц яму плацяць каля 200 тысяч рублёў, на якія трэба харчавацца і плаціць за інтэрнат. Я патэлефанаваў Артуру ў час перапынку. Вось што юнак сказаў пра свой звычайны абед.

“Батон ды кефір. Магчыма, памідор ці гурок, магчыма, кавалак каўбасы”.

Тэрмін пакараньня Артура Фінькевіча заканчваецца праз два месяцы.

“Дзяржава ўвогуле не прызнае, што ў нас ёсьць палітвязьні”

Сваякі Аляксандра Казуліна падалі скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН з просьбай тэрмінова разгледзець ягоную справу і дамагчыся вызваленьня палітыка. Ад беларускіх уладаў сваякі экс-прэзыдэнта зьбіраюцца патрабаваць 2 мільёны эўра ў якасьці кампэнсацыі за маральныя страты. Кажа дачка Казуліна Вольга:

“Калі дзяржава ўвогуле не прызнае, што ў нас ёсьць палітычныя вязьні, безумоўна, пра якія выплаты можна весьці гаворку. Гэта сымбалічная лічба, яна хаця б прыблізна паказвае, што чалавеку давялося ўжо перажыць за паўтара гады зьняволеньня”.

Нагадаю, усяго паводле суду Аляксандру Казуліну належыць адбыць за кратамі 5,5 гадоў. Экс-кандыдата на прэзыдэнта асудзіла паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў.

13-га кастрычніка ў Мазырскую калёнію, верагодна, прывязуць для адбыцьця пакараньня Андрэя Клімава. Былога дэпутата павезьлі ў Мазыр зь Менску гэтак званым “этапам” – у адмысловым вагоне, які людзі дагэтуль называюць “сталыпінскім”. “Там у клеткі, разьлічаныя на 6 чалавек, уціскаюць удвая больш. Людзей у прыбіральню выводзяць вельмі рэдка, трымаюць як жывёл, таму можаце ўявіць, які там пах. А яшчэ ахоўнікі часта крадуць рэчы асуджаных”, – згадаў свае “вандроўкі” ў “сталыпінскім” вагоне былы палітвязень Валер Леванеўскі.



« Главная страница