24 августа 2007
Вячаслаў Кулік, Менск Актывісты грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” падалі заяўку ў Менскі гарвыканкам на правядзеньне мітынгу 10 верасьня. Іншая грамадзкая арганізацыя – “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” – 1 верасьня плянуе правесьці страйк прыватных гандляроў у Сьветлагорску, Барысаве, Бабруйску. Лідэры арганізацыяў заяўляюць: падставай для акцыяў пратэсту ёсьць штрафы і канфіскацыі тавараў рознымі кантрольнымі службамі.
Сёньня на рынку ў пасёлку Лошніца Крупскага раёну ізноў была масавая праверка кантрольных службаў, якую прадпрымальнікі называюць “аблавай”. Ад пакрыўджаных гандляроў на Радыё Свабода патэлефанавала Тамара Трыкілевіч:
Не даюць працаваць нікому. Гавораць “Задушым!”
“Не даюць працаваць нікому. Гавораць: “Задушым! Не дамо вам працаваць. Будзем правяраць штодзённа”. За тое, што ў нас няма сэртыфікатаў. І гэта адбываецца штодня. Мы баімся цяпер гандляваць, бо вы ж ведаеце, якая заканадаўчая база падведзена пад сэртыфікаты”.
Спадарыня Трыкілевіч паведаміла, што міліцыянты, супрацоўнікі санітарнай службы ды падаткавай інспэкцыі спрабавалі сканфіскваць тавар у прадпрымальнікаў у Лошніцы. І часткова ім гэта ўдалося.
Заяўка на мітынг у Менску пададзена на 10 верасьня
Да страйку 1 верасьня рыхтуецца грамадзянская кампанія “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”. Паведамляе яе лідэр Віктар Гарбачоў:
“Што забастоўка адбудзецца – гэта адназначна. У якім варыянце і выглядзе – рашэньне будзе прымацца калегіяльна. Сытуацыя, што рэальна складаецца ў рэгіёнах, гарачая. Выходзіць зь яе нейкім чынам трэба”.
Старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка заяўляе пра падрыхтоўку да мітынгу прадпрымальнікаў у Менску 10 верасьня. Ён удакладняе, што месцам акцыі стане плошча Бангалор, а ўдзельнікамі – прадстаўнікі амаль 50 менскіх рынкаў і гандлёвых дамоў. Мэты мітынгу:
“Прыцягнуць увагу грамадзтва да існуючых праблем у сфэры прадпрымальніцтва ў сувязі з Указамі прэзыдэнта № 302 і № 760. Будуць і патрабаваньні на абарону эканамічных правоў ды інтарэсаў прадпрымальнікаў. Таксама прынялі рашэньне, што і ў Віцебску ды Гомелі будуць пададзены заяўкі на правядзеньне мітынгаў 24 верасьня”.
Агульнабеларускі страйк магчымы напрыканцы году
Сытуацыю камэнтуе праваабаронца Валер Леванеўскі:
“Наколькі мне вядома, многія лідэры прадпрымальнікаў успрымаюць мітынгі й страйкі, што цяпер рыхтуюцца, як падрыхтоўку да вялікага агульнабеларускага страйку. Я мяркую, усё будзе рабіцца сур’ёзна, і страйк пройдзе напрыканцы гэтага – пачатку будучага году”.