14 декабря 2007

Ці паспрыяюць сабраныя подпісы вызваленьню Маргарыты Царан?


Сяргей Астраўцоў, Горадня 120 студэнтаў Гарадзенскага ўнівэрсытэту, а таксама выкладчыкі просяць зьмяніць прысуд і вызваліць былую студэнтку Маргарыту Царан, якую пасадзілі на чатыры гады за пакупку порцыі марыхуаны вагой 0,28 граму. Яны лічаць, што прысуд Маргарыце — несправядлівы, а крымінальная справа супраць яе — вынік памылкі альбо правакацыі. Подпісы ў абарону Маргарыты Царан накіравалі кіраўніку краіны, генэральнаму пракурору і старшыні Вярхоўнага суду. Асноўная надзея – на тое, што наглядную скаргу адносна прысуду павінен будзе разгледзець Вярхоўны суд. Цяпер дзяўчына знаходзіцца ў гомельскай калёніі нумар 4, працуе швачкай. Сябры кажуць, што яна не адказвае на лісты.

Мы зьвярнуліся да работніка юрыдычнай кансультацыі адваката Ўладзіміра Кісялевіча з пытаньнем: наколькі могуць дапамагчы Маргарыце Царан сабраныя подпісы?

Кісялевіч: “Кіраўнік дзяржавы, як і іншыя вышэйшыя службовыя асобы ў Рэспубліцы Беларусь, яны ня могуць па Канстытуцыі, па закону, узьдзейнічаць на судовыя інстанцыі. Прысуды могуць адмяняцца толькі вышэйстаячымі судамі”.

Хаця такія подпісы, у прынцыпе, ня лішнія, калі справа трапіць у Вярхоўны суд, зазначыў адвакат.

“Напэўна ўсё-ткі малаверагодна, што гэта адыграе нейкую ролю…”

Юлія Анішчык вучылася з Рытай у ліцэі, а затым ва ўнівэрсытэце. Яна расказвае, што ў падтрымку дзяўчыны ахвотна падпісваліся яе былыя аднакурсьнікі, большасьць спадзявалася, што гэта неяк дапаможа.

Юля: “У нас ёсьць адна аднаклясьніца, яна вучыцца на юрыдычным факультэце, яна таксама падпісалася, але сказала, што напэўна ўсё-ткі малаверагодна, што гэта адыграе нейкую ролю…”

Як Рыта магла трапіць у такую сытуацыю, калі згадзілася для былога аднаклясьніка знайсьці порцыю марыхуаны? Юля гаворыць, што яе сяброўка вельмі даверлівы чалавек. Хлопца гэтага, дарэчы, таксама судзілі, але не пасадзілі.

Юля: “Ведаю, па словах яе мамы, што на дадзены момант ён вельмі раскайваецца, таксама пісаў лісты ў розныя інстанцыі аб тым, што гэта была чыстай вады “падстава”.

Надзея на Вярхоўны суд

Праваабаронца Валеры Леванеўскі тлумачыць, што подпісы накіраваныя ня толькі прэзыдэнту, але таксама ў Генэральную пракуратуру і у Вярхоўны суд. Надзея менавіта на апошнюю – гэтак званую “наглядную” – інстанцыю Вярхоўнага суду. Ён гаворыць, што дзяўчыне маглі б прызначыць пакараньне безь зьняволеньня.

Леванеўскі: “Скажам, яе сябру-пакупніку прызначылі пакараньне без пазбаўленьня волі, хаця ім таксама былі зьдзейсьненыя супрацьпраўныя дзеяньні, прычым двойчы — калі ён першы раз трапіўся міліцыі і другі раз, калі ён ужо працаваў па заданьні”.

Маргарыта лістоў ад сяброў не атрымлівае, шые міліцэйскую форму

Маці дзяўчыны Валянціна Царан гаворыць, што дачка скардзіцца: вельмі стамляецца ад працы і зусім ня мае часу. Прычым гаворыць, што лістоў ад сяброў не атрымлівала, хаця сябры пішуць ёй часта. Маці атрымала ад яе пакуль тры лісты з пачатку чэрвеня, калі Рыта трапіла ў калёнію.

Царан: “Яна шые і гаворыць, што гэты факт забаўны, што зьняволеныя шыюць менавіта міліцэйскую форму. Ну, вось яна ўсё на гэта спасылаецца, бо я ёй пішу цераз дзень”.



« Главная страница